Нарадзілася Марына Кандратовіч 13 мая 1981г. у в. Куклі Воранаўскага раёна, якую цяпер
называюць глухой і неперспектыўнай. Аднак гэты куток, у якім прайшла палова яе дзяцінства, выхаваў у яе любоў да роднай зямлі, роднага
слова.
З цеплынёй успамінае гады вучобы ў Навасадскай базавай
школе, а пасля заканчэння Забалацкай сярэдняй школы ў
1998г. паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы на філалагічны факультэт. Універсітэт адчыніў для яе дзверы ў
дзіўны свет паэзіі: сустрэча з Д. Бічэль-Загнетавай
(1999г.), паездка на з’езд маладых пісьменнікаў
у г. Мінск (2000г.), выступленні
ў паэтычным гуртку “Наднёманскія галасы”.
Успаміны пра дзіўны
свет дзяцінства, любоў да
родных мясцін натхнялі на паэтычныя радкі, якія былі надрукаваны
ў “Воранаўскай газеце”, газеце ГрДзУ імя Я. Купалы, “Гродзенскай праўдзе” і інш.
Затым была праца настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Беняконскай
сярэдняй школе Воранаўскага раёна. Сёння яна загадчык аддзела пісем і
інфармацыі ў УРГ “Воранаўская газета” і ПР “Воранаўскі веснік”. І дзякуючы
сустрэчы з творчымі цікавымі людзьмі, складае свае паэтычныя радкі.
Падлічы гады…
— Падлічы мае гады, зязюля…
— Трэба шмат табе яшчэ паспець:
Нарадзіць хутчэй дачушку Юлю,
Песню жаўруковую дапець.
— Падлічы мае гады, зязюля…
— Бог падлічыць. Я ж цябе прашу:
Адшукай, каханнем хто атуліць,
Зберажэ ад бед, палоніць і душу.
— Падлічы мае гады, зязюля…
— не шукай заходу — лепш цвіці!
Каб шапталі: “Вось прайшла красуня!
Шчасціць жа камусьці ў жыцці!..”
— Падлічы мае гады зязюля…
— Не пытай аб долі ты, не пытай!
Людзі лёс яшчэ не падманулі.
Шчасце ж льецца, бо квітнее май.
— Падлічы мае гады, зязюля…
— Не пытай, красуня, ты не пытай…
***
Затрымаўся вераснёўскі вечар,
Ў голлі вербалозаў заблукаў
І слязою сэрца зноўку лечыць:
— Як жа так?.. Яе адну кахаў…
А яна, шчаслівая паненка,
Мые белы тварычак расой,
Абдымае тонкі стан сукенка,
За карону — кветачкі з касой.
Хлопец статны да грудзей ўсё туліць,
Казкі ўсё на вушка ёй пяе.
А яна… яго то прыгалубіць,
То з усмешкай прэч чамусь пашле.
— Ты, дзяўчына, доўга не цурайся,
Калі любіш — сэрца мне аддай.
— З Міхалінай, ведаю, спазнаўся.
Пра яе цяпер ты толькі дбай.
Хлопец хмурыцца, сказаць штось хоча,
Думае, як дзеўку ўгаварыць.
А яна не верыць і рагоча,
Кажа, трэба што яе забыць.
Не стрымаў хлапец той крыўды гэткай
І з вадою дзеўку павянчаў,
Каб паненку прыгажосці рэдкай
Больш гуляць ніхто з хлапцоў не зваў.
…Затрымаўся вечар ў вербалозах,
Моцна-моцна дзеўку шкадаваў,
Слаў хлапцу праклён, каб жыў у слёзах
І кахання болей не спазнаў.
Мой любы горад
Вялікі горад князёў вялікіх,
Былая слава ў тваіх мурах.
Нібы жывыя паўсталі лікі
Стэфана, Вітаўта… Як іх пасаг
Мой родны Гродна здаўна квітнее
І дорыць шчодра любоў сваю.
Яго краса душу сагрэе,
Ён — песня, казка… Маю вясну
Прывеціць зноўку гучным спевам,
Прытуліць моцна, нібы дачку.
Гасцей ж сустрэне ён соллю з хлебам,
Усіх збярэ ў сям’ю адну.
______________________
Цвіці, цвіці, культурная сталіца,
Стагоддзі — на карысць табе.
Ты — жыватворная мая крыніца.
К табе мая вясна імкне.
Родны пасёлак
Дзе знойдзеш ты такую прыгажосць,
Дзе адшукаеш шчасця столькі,
Дзе так бурліць, квітнее маладосць?..
Як ні ў пасёлку нашым толькі!
Тут кожны дзень усмешкаю сагрэт
Ды прыгалублен сонцам шчодрым...
Няма ў нас месца для самоты, бед —
Ўсіх падтрымаюць словам добрым!
Шчаслівы бляск матуліных вачэй,
Дзіцячы смех, вясёлы, звонкі,
І яснасць, гожасць летніх цёплых дней —
Прыкметы роднае старонкі.
Ты працвітай, наш родны, любы край!
А кожны пра цябе рупліва дбае,
Не ведаючы суму і пакут,
Надзея будучыні падрастае!
Воранаўшчына
запрашае!
Адзін знаёмы мой вандроўнік
Сцвярджаў, што лепшы адпачынак – за мяжой.
Бярэш, маўляў, у рукі слоўнік –
І ўвесь курортны гарадочак твой.
На што яму пярэчыла адкрыта:
- На Воранаўшчыне, напэўна, не бываў?
Легендамі ў ёй усё спавіта,
Такіх лясоў, рачулак ты йшчэ не страчаў.
Гасцінна тут цябе сустрэнуць,
Ў сялянскую сядзібу дружна правядуць:
І ў “Салаўінай песні” душу адагрэюць,
І ў “Ластаўкі гняздзе” куточак адвядуць.
І ўжо з прыветнае сядзібы
Ты ў падарожжа робіш першы смелы крок.
Нідзе ты не сустрэнеш хібаў.
Гісторыя тут ажывае бы знарок.
Спачатку загляні ў Тракелі –
Святая Маці там паломнікаў чакае.
І многа год, каб людзі шчасце мелі,
Яна надзеі іх і просьбы ўсе спаўняе.
Маёнтак Гайцюнішкі смела
Ўзвышаецца на левым беразе Жыжмы.
Узведзены ён Нонхартам умела,
Не раз абараняў ён нашы рубяжы.
Ля дома-крэпасці спыніся –
Тут час увекавечаны ў сівых мурах,
Вадзіцы радніковай пакланіся:
Яна – твой лепшы сябра пры спякотных днях.
Марылін Гаік ты наведай.
Каханне там Міцкевіча спаткала боль.
І крыж аб тым на камні сведкай
Да нас дайшоў з далёкіх памятных гадоў…
- А што
яшчэ ў вас цікавае
Убачыш? – пытае падарожнік неўзначай.
- І быт, і людзі ў нас яскравыя…
Тут многа цудаў ёсць – ты толькі прыязджай!
Бацькоўскі парог
Зноў сцішаны голас матулі
Праб’ецца праз справы, праблемы,
Каб дзеці самоту адчулі,
Дадому хутчэй прыляцелі,
Каб крылы ў іх вырасталі
І сэрца вяло да парога,
Адкуль юнакоў адпраўлялі
Бацькі ў дарогу з трывогай.
Адкінуўшы кроплі сумненняў,
Сям’я сабярэцца ў хаце!..
Святло і цяпло заструменіць —
Шчаслівыя бацька і маці!
***
У краі зноў вясна
ўладарыць,
Цяпло і ласку
шчодра дарыць,
Раллю пяшчотай
сагравае,
На працу ўсіх
благаслаўляе.
Шпак важна між
разораў крочыць –
За працай
трактарыста сочыць.
А той зямельку
засявае –
Аб ураджаі новым
дбае.
_______________________
І наваколле шле
хвалу
Гаспадару-працаўніку!
Здарожанае
Імчыцца стужкаю дарога,
Да сэрца ціснецца трывога:
Цябе сягоння ці спаткаю?
Тваё пачую ці “кахаю”?
Імчыцца стужкаю дарога,
І адступае ўдаль трывога:
Як колісь, ты мяне чакаеш,
Да сэрца ружы прыціскаеш.
А я… а я ўжо не тая,
Але ў душы яшчэ хаваю
Спатканні нашы ля Каложы
Ў дзянёчак летні і пагожы.
…Нясмелы крок. Застылі рухі.
Мы пазбаўляемся ад скрухі.
Злучыцца прагнуць нашы душы.
Аб паяднанні шэпчуць ружы.
Каханне нас ізноў з’яднае.
Мо, назаўсёды абвянчае?
***
Учора зрывала з галіны чаромхі кветкі,
Кідала пад ногі і мяла…
Галава п’янела ад дзікага відовішча:
Душа кветак адлятала ў неба
Апошнім ускрыкам водару.
А Бог глядеў на мяне і плакаў –
І слёзы Яго ачышчалі маю
Знямоглую ад горычы душу…
***
Пацалунак нябёс
мне прынесла сняжынка:
стала холадна сэрцу
ў
яе цеплыні.
Я святлею
празрыстая, нібы ільдзінка,
а навокал спакойныя
ясныя дні.